Кнігадрукаванне на беларускіх землях

  Кнігадрукаванне ў Еўропе ўзнікла каля сярэдзіны XIV стагоддзя і хутка пашырылася ў славянскіх краінах, спачатку ў чэхаў і палякаў. Першыя славянскія кнігі друкаваліся звычайна лацінкай гатычнага шрыфту, не заўсёды ўдала прыстасаванай да славянскіх моў, што перашкаджала пашырэнню гэтых кніг і авалодванню імі славянскім чытачом. Не былі пашыранымі сярод славян і кнігі, надрукаваныя ў Венецыі славянскімі глагалічнымі літарамі.

  Самабытным славянскім кнігадрукаваннем стала кірылаўскае, якое ўзнікла ў канцы XIV стагоддзя. Першыя славянскія кнігі надрукаваў кірыліцай Швайпольт Фіоль у Кракаве. Захавалася некалькі царкоўных кніг, надрукаваных ім у 1491 годзе.

  Свае кнігі Ш. Фіоль прызначаў на збыт сярод беларускага і ўкраінскага насельніцтва. Магчыма, яго друкарская дзейнасць матэрыяльна падтрымлівалася беларускім і ўкраінскім панствам. Выданні Ш. Фіоля надрукаваныя па-царкоўнаславянску, зрэдку ў іх трапляюцца беларусізмы і ўкраінізмы. Сказы ў кнігах Ш. Феоля не разбіваюцца на словы, а калі словы ставяцца асобна, то аддзяляюцца кропкай, краі набору часта няроўныя, радкі часам крывыя, літары не на месцы. Ш. Фіоль імкнуўся перадаць асаблівасці рукапісных кніг, бо іх знешні выгляд быў прывычны тагачаснаму чытачу. Кнігі Ш. Фіоля каштавалі вельмі дорага. Яго выдавецкая дзейнасць была нядоўгай. Друкара абвінавацілі ў гусіцкай ерасі, кнігі яго спалены, а сам Фіоль вымушаны быў пакінуць Кракаў.

  Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы. Першадрукаром на ўсходняй славяншчыне стаў беларускі асветнік Францыск Скарына. Ен нарадзіўся ў купецкай сям'і ў Полацку. Мяркуюць, што там, а таксама ў Вільні Ф. Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю. У 1504 годзе ён паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі, а пазней – доктара свабодных навук. У 1512 годзе ў італьянскім горадзе Падуя, універсітэт якога славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам, Ф.Скарына вытрымаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук. Біяграфічныя звесткі аб жыцці першадрукара не вельмі багатыя, але можна меркаваць, што пасля атрымання вучонай ступені яго зацікавілі грамадскія праблемы і гуманітарныя навукі, зарадзілася думка выдаць кнігі Бібліі на роднай мове, зрабіць іх даступнымі для сваіх землякоў.

  Апынуўшыся ў Празе, Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, магчыма і брата Івана Скарыны заснаваў друкарню. За няпоўныя тры гады ён пераклаў, пракаментаваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі. 6 жніўня 1517 года выйшла з друку першая кніга – "Псалтыр". Ф. Скарына меў намер выдаць усю Біблію, аб чым сведчаць агульны тытульны ліст і прадмовы да ўсяго выдання. Аднак гэта задумка засталася незавершанай. Першадрукар выдаў пераважную частку Старога Запавету, прычым, выбраў з Бібліі найбольш важныя кнігі.

  У 1520 годзе Ф. Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню, дзе адкрыў першую на сваёй радзіме друкарню. У 1522 годзе выйшла ў свет "Следаваны псалтыр" ці "Малая падарожная кніжка" – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Кніга прызначалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць канфесійную і астранамічную інфармацыю. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны "Апостал" (1525), Малая падарожная кніжка была невялікім зручным выданнем, надрукаваным на таннай паперы. Гэтыя якасці рабілі кнігі першадрукара болыш даступнымі для шырокіх колаў насельніцтва. Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў, дзе адлюстроўваліся яго грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя, мовазнаўчыя і педагагічныя погляды.

  Ф. Скарына ўнёс значны ўклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы. Мова яго выданняў характарызуецца як тыповы ўзор беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы. Сам аўтар мову выдадзеных біблейскіх кніг называў рускай, паведамляючы чытачу пра ўжыванне на Беларусі яго часоў дзвюх пісьмовых моў – старабеларускай і царкоўнаславянскай.

  Кнігі Ф. Скарыны з тэхнічнага боку не ўступалі лепшым узорам еўрапейскага друку, у тым ліку венецыянскім і нюрнбергскім выданням. Скарынаўскія кнігі называлі "славянскімі эльзевірамі", параўноўваючы іх з выданнямі славутых друкароў Эльзевіраў у Лондане і Амстэрдаме.

  Выдаючы свае кнігі дзеля пашырэння асветы сярод народа, Ф. Скарына выпрацаваў шрыфт з выразным малюнкам, падобны да беларускага паўустава, стаў аддзяляць словы адно ад аднаго, друкуючы злітна толькі прыназоўнікі з назоўнікамі, увёў знакі прыпынку для абазначэння паўз, пачаў нумараваць лісты кірылаўскімі літарамі. Ф. Скарына прыкладаў да сваіх выданняў загалоўныя лісты з назвай твора, звесткамі аб выдаўцу і часе выдання. Скарынаўскія выданні багатыя гравюрамі.

  Пасля дзейнасці Ф. Скарыны друкарская справа на Беларусі на некаторы час спынілася і распачалася толькі ў другой палове XVI стагоддзя, у Нясвіжы, калі ў 1562 годзе выходзіць "Катэхізіс" Сымона Буднага. Звонку кніга падобная да скарынаўскіх выданняў шрыфтам, афармленнем загалоўкаў і пачаткаў раздзелаў, знакамі прыпынку.

  Друкарская справа на Беларусі ажывілася ў сувязі з пераездам сюды маскоўскіх друкароў – Івана Фёдарава і беларуса па паходжанні Пятра Мсціслаўца. У Заблудаве, дзякуючы намаганням беларускага магната гетмана Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча, яны заснавалі друкарню і выдалі на працягу 1568–1570 гадоў некалькі праваслаўных царкоўнаславянскіх кніг. Хутка Хадкевіч, відаць, з-за страху выклікаць незадавальненне з боку польскіх феадалаў, закрыў друкарню. Іван Фёдараў накіраваўся на Украіну, дзе ў Львове выдаў у 1574 годзе "Апостол", а Пётр Мсцілавец па запрашэнні братоў Мамонічаў і Зарэцкіх пераехаў у Вільню і аднавіў там друкарства ў 1575 годзе. У друкарні Мамонічаў было надрукавана шмат кніг. Праіснавала яна да 1671 года, калі былі выдадзены ўжо ўніяцкія выданні.

  Пазней друкарні ўзнікаюць у Іўі, Слуцку, Магілёве, Мінску, Брэсце, Ашмянах, Гародні. На Беларусі існавалі і вандроўныя друкарні. У адной з іх друкаваў Васіль Цяпінскі (1530–1603) – беларускi пiсьменнiк-гуманiст, адзiн з паслядоўнiкаў Ф. Скарыны. У сваiм радавым маёнтку Цяпiне (цяпер Чашнiцкi раён) ён у 1580 годзе выдаў перакладзенае на беларускую мову "Евангелле" з уласнай прадмовай, якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публiцыстыкi.

  Спачатку друкаваліся толькі царкоўна-рэлігійныя творы. Пазней з’яўляюцца і свецкія друкаваныя кнігі: буквары, граматыкі, слоўнікі і нават Статут ВКЛ 1588 года (друкарня братоў Мамонічаў). Друкаваныя кнігі, больш танныя за рукапісныя, распаўсюджваліся вялікімі тыражамі і давалі чытачу ўзоры правільнага валодання мовай.

  Буйная рэфармацыйная друкарня на Беларусi працавала і ў мястэчку Любча (Навагрудскi раён) у 1612–1656 гадах. Яна была вельмi прадукцыйнай – выдадзена каля 100 выданняў, галоўным чынам свецкага зместу, але выданні былі толькі на польскай i лацiнскай мовах.

  Захаванню беларускай пісьменнасці спрыялі друкарні, якія ствараліся пры праваслаўных брацтвах.